Прудніцкае лясніцтва – самае дзіцячае
Такі пазітыўны феномен заўважылі ў лясгасе падчас арганізацыі экскурсійных паездак і фарміраванні навагодніх падарункаў для дзетак супрацоўнікаў. Мяркуйце самі: з 29 чалавек калектыву сем’і ў васьмярых маюць статус шматдзетная!
У сем’ях вальшчыка Сяргея Маскалейчыка і лесніка Сяргея Камінскага выхоўваецца па шасцёра дзяцей. Віталій і Любоў Ільенка ў Беларусь прыехалі з Украіны. Сужэнцы працуюць у лясгасе вальшчыкам і станочніцай і гадуюць пяць кветачак жыцця. Па чацвёра дзетак у майстроў леса Вольгі Каляга і Юліі Ельяшэвіч. Столькі ж малышоў у вальшчыка Віталя Цюпко. Трое дзяцей у вальшчыка Яўгена Чарнуха. Ды і ў сям’і кіраўніка лясніцтва Сяргея Аўрыцэвіча і яго жонкі Анжэлы, якая тасама працуе ў лясніцтве, расце трое дзяцей.
Удакладнім, што ў пераліку толькі шматдзетныя сем’і. Усяго ж у супрацоўнікаў гэтага структурнага падраздзялення лясгаса 46 дзетак.
Падвоенае шчасце Камінскіх
Здымкі вялікіх сем’яў заўжды выклікаюць захапленне і гонар. На ж справе ж за знешняй лёгкасцю і прыгажосцю крыюцца велізарныя працалюбства і адказнасць бацькоў і дзетак.
На фота – сям’я бягамальчан Камінскіх. У цэнтры – Сяргей і Таццяна ў акружэнні шасці дзяцей Аляксандра, Наталлі, Матвея, Сяргея, Назара і Ксюшы, а таксама шасці ўнучыкаў. Двайнят Рому і Сярожу трымае тата Аляксандр, да дачкі Наталлі і зяця Сяргея прытуліліся іх дзеткі Ягорка, Алінка, Уладзік і Дарына. Такое падвоенае шчасце.
Сям’я Камінскіх нарадзілася 27 гадоў таму. Суадносна з яе росту сужэнцы пашыралі і сваё жыллё. Спачатку набылі хату памерам крыху больш за пяцьдзясят квадратаў. Затым правялі рэканструкцыю да 130 метраў. А яшчэ сужэнцы трымаюць вялікую гаспадарку: свінні, куры, гусі, індыкі, козы. Апрацоўваюць амаль два з паловай гектары зямлі. Дзеці змалку прывучаны да пасільнай фізічнай працы. Дзяўчынкі могуць прыгатаваць, пакарміць, прыбраць у хаце. Хлопцы з бацькам гаспадарку дагледзяць, па грыбамі зранку з бацькам не лянуюцца ўстаць і схадзіць. Лес любяць, бо бываюць там з дзяцінства. Дарэчы, Сяргей Сяргеевіч у Бягомльскім лясгасе – адзін са старажылаў. Працуе ў галіне 31 год. Ляснік ганарыцца, што і старэйшы сын выбраў працу вадзіцелем менавіта ў лясгасе, дзе ёсць не толькі добры заробак, але і гарантаваная сацыяльная падтрымка для сям’і.
Так, калектыўным дагаворам лесагаспадарчай установы прадугледжаны шэраг выгод для падтрымкі сем’яў з дзецьмі. Напрыклад, шматдзетным сем’ям, дарэчы, як і адзінокім маці, лясгас поўнасцю аплачвае пуцёўкі ў дзіцячыя аздараўленчыя лагеры. Шматдзетныя маці могуць карыстацца адным дадатковым свабодным днём у нядзелю з захаваннем сярэдняга заробку і ісці ў водпуск у зручны для сябе час. Няпярэдадні навучальнага года на кожнага школьніка лясгас выплачвае па дзве базавыя велічыні. Грашовыя дапамогі да пяці базавых велічынь супрацоўнікі атрымліваюць з нагоды прафесійнага свята і да Новага года. Прафсаюз бярэ на свае выдаткі арганізацыю экскурсійных паездак, якія ладзяцца некалькі разоў на год, для дзяцей і бацькоў.
Гадаваць дзяцей, напэўна, самая адказная справа жыцця кожнага, хто выбраў гэты шлях. Прайсці яго годна досыць цяжка, адказна, але ж аддача непараўнальна большая, чым усе фізічныя і маральныя выдаткі. Трымаць у шырокай мазолістай далоні пяшчотную ручку спачатку сына ці дачушкі, а потым унучыка – ці ёсць што яшчэ больш важнае ў свеце?